?

Log in

No account? Create an account

[sticky post] куфар

Мой куфар - гэта (асноўнае):

- часопіс для творчых людзей ALOVAK;
-кераміка kufar;
- беларуская народная кераміка;
- ремесленная деятельность;
- беларуская кухарка;
- фотазамалёўкі майго жыцця / фотозарисовки моей жизни;
- on the road again;
- сын Францішак ( friends only);
- to be continued...

Пра назву/ про название журнала - http://kufarrr.livejournal.com/44439.html

Новым сябрам.
Вітацца і расказваць пра сябе пажадана, але не абавязкова. Але калі вам важна быць узаемнымі сябрамі, бадай, без гэтага не абысціся.
Прыемнага чытання!
------------
Новым друзьям.
Представляться и рассказывать о себе желательно, но не обязательно. Но если вам важно быть взаимными друзьями, то, пожалуй, без этого не обойтись.
Приятного чтения!

УВАГА! РАМЕСНІКАМ!
чытаць абавязковаCollapse )

ПРА МОВУ / ПРО ЯЗЫКCollapse )
Вітаю!
Ці памятаеце, як я пыталася, ці маеце вы што сказаць пра беларускамоўных блогераў?
І вось, другі сёлета нумар часопіса Беларускай Асацыяцыі журналістаў “Абажур” даступны анлайн. І мне прыемна падзяліцца тым, што ў ім апублікаваны мой артыкул на тэму беларускамоўнага блогерства. А будзе яшчэ прыемней, калі з’явіцца і папяровая версія:)

Шчыра дзякую маім суразмоўцам, Аляксандры Баярынай і Уладзіміру yozas_gubka.

Read more...Collapse )
Прывітанне, сябры!
Мы тут амаль не спім рыхтуем чарговы нумар часопіса ALOVAK,  пакуль у мяне невялічкі перапынак, звяртаюся да вас з адным пытаннем.

Для аднаго цікавага праекта мне трэба даведацца, як у нас жывецца беларускамоўным блогерам, ці шмат у нас такіх увогуле:) vital_rudak , yozas_gubka , я памятаю вы складалі агляды/пералікі беларускамоўных жывых блогах, было гэта ў 2014 якім, так? Ці актуальная гэтая інфармацыя? Ці змянілася што на сёння? Хто ў нас самы папулярны беларускамоўны блогер, нарэшце рэшт:)
І яшчэ адзін бок пытання: калі ўлічваць не толькі ЖЖ, каго яшчэ трэба абавязкова чытаць/сачыць сярод беларускамоўных па вашай версіі? Закідайце, калі ласка, мяне спасылкамі:)

Дарэчы, цікавае пытанне адсюль узнікае: хто для вас блогер увогуле? Фейсбук лічыцца?


*фотачка для прыцягнення ўвагі:)  я падчас інтэрвію ў заснавальнікаў крамы Cubi rubi для ALOVAK#3 За здымак дзякуй Машы Сонгаль

Прывітанне, я тут!

Напэўна, Жэжэшачка мяне згубіла ўсё ж:) Ну, ва ўсялякім выпадку, не ведаю, калі я ў бліжэйшы час знайду на яе час. Я не мастак пісаць караценькія нататкі, а вялікія тэксты мне ёсць зараз куды пісаць...
Я тут нядаўна, паддаўшыся стаднаму інстынкту завяла сабе акаунт у Інстаграме, але там я таксама нерэгулярна з'яўляюся) Карацей, прапашчы чалавек для сацсетак. Але, на ўсялякі выпадак вось ён - https://instagram.com/katsibou/



Але, сябры, у мяне ёсць яшчэ да вас просьба!
Але даволі тэрміновая. Трэба перакласці колькі тэкстаў для часопіса ALOVAK - з рускай на беларускую. Вось літаральна сёння-заўтра-паслязаўтра... Калі ёссць жаданне і магчымасць  - напішыце мне, калі ласка!!! Я тут проста катастрафічна не паспяваю (( Сюды ці ў прыват, не мае значэння.

ALOVAK #2

Крыху з запазданнем хачу расказаць пра другі, ліпеньскі, нумар часопіса ALOVAK. Рускамоўная версія пабачыла свет 25 ліпеня, недзе праз тыдзень з’явілася і беларускамоўная.

Хацела пачаць з пераліку падзяк тым, хто меў дачыненне да другога нумара, але зразумела, што гэта амаль немагчыма: столькі таленавітых і цудоўных людзей нам дапамагала! Таму кажу агульнае ДЗЯКУЙ усім-усім: нашым рэдактарам, аўтарам, фатографам, майстрам, героям, мастакам, падпісчыкам у сацыяльных сетках….!!!



Read more...Collapse )

Малінавы ліпень

Пакуль рыхтуецца беларускамоўная версія другога нумара часопіса  ALOVAK (рускамоўная ўжо на сайце alovakmag.by), паспрабую ўскочыць у апошні вагон ліпеня і падзяліцца з вамі сваімі фотазамалёўкамі гэтага месяца.
Сказаць, што месяц быў напружаны – нічога не сказаць.  Мне, напэўна, прыйдзецца калі-небудзь напісаць допіс, як гадаваць дзіця,  выпускаць часопіс, займацца юрыдычнай падтрымкай дзейнасці мужа і займацца хатнімі справамі адначасова. Але не буду скардзіцца, таму што ўсе ж мне дапамагае сям’я.  За ліпень Франачак два разы па 3 дні адпачываў на лецішчы з бабуляй (маёй мамай) і маёй старэйшай сястрой, і гэта, мушу прызнацца, мне вельмі спрасціла жыццё на пэўны час. Знайшла час і сама я пабыць на свежым паветры некалькі дзён. На наступных фотаздымках –  менавіта пра гэта.


пра маліны, кветкі і слоўнікавы запас хлопчыка Ф.Collapse )

ALOVAK + ADNAK

Рэдкі госць сёлета я ў ЖЖ. Хачу нагадаць пра сябе і расказаць, як на мінулым тыдні пабывала на цырымоніі ўзнагароджання фестываля беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі ADNAK.
А прычынай, чаму туда я трапіла, было тое, што часопіс ALOVAK трапіў у шорт-лісты ў двух намінацыях фестываля  - H-1 (Медыяпраекты для аднаго канала камунікацыі: ТБ, друкаваных СМІ, радыё, інтэрнэту, вонкавай рэкламы, Indoor) і О (Грамадсказначныя праекты). Так што былі мы з Ірай на фестывалі не проста так, а ў якасці фіналістаў ( дакладней будзе сказаць, прадстаўнікоў фіналіста!). І недарэмна прыехалі! Бо атрымалі ў двух жа намінацыях два дыпломы за 3 месца. Гэта асабліва прыемна, таму што мы зусім нядаўна зрабілі толькі першы крок.. І гэтыя ўзнагароды нас упэўнілі ў тым, што ідзем у правільным накірунку...



Фотасправаздача (і я на фотачках) далей.

далейCollapse )
Прывітанне!
Праца над другім нумарам нашага часопіса ALOVAK (хто яшчэ не чытаў -  вось спасылка на сайт alovakmag.by) ўжо ідзе, але пакуль не ў такім інтэнсіўным рэжыме, як перад публікацыяй, таму ў мяне застаецца час на кулінарныя эксперыменты. На гэты раз аб’ектам сваёй увагі я выбрала такую вядомую ўсім дачнікам і вясковым людзям расліну, як тапінамбур, ці земляную грушу. Дарэчы, пакуль рыхтавала гэты допіс, даведалася, што ў часы Рэчы Паспалітай тапінамбур называлі  бульвай, якую варылі, абіралі, падавалі з белым або муштародовым соусам. У канцы XVIII ст. тапінамбур быў выцеснены падобнай па спосабу вырошчвання і смаку бульбай, якая ў беларускай і літоўскай мовах пераняла ягоную назву (у літоўскай мове «бульба» — bùlvė)*

(*Крыніца інфармацыі - http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A2%D0%B0%D0%BF%D1%96%D0%BD%D0%B0%D0%BC%D0%B1%D1%83%D1%80)

Дык вось, з малых год я памятаю, як з сырога тапінамбуру рабілі салату  са смятанай. Я любіла такую салату раней, і зараз люблю. І што яшчэ з ім рабіць – нават не ўяўляла. Але ад сяброўкі, якая жыве ў Францыі, даведалася, што французы тапінамбур запякаюць. Як, наш беларускі тапінамбур?!  Таму і вырашыла даць гэтай расліне шанец паказаць сябе з іншага боку, для мяне, натуральна.  І не пашкадавала!  Спяшаюся падзяліцца і са сваімі ЖЖ-сябрамі  спосабамі прыгатавання тапінамбуру.

Суп-пюрэ.
Гэта вельмі смачна! Доказ – такога супу Франак з’еў цэлую міску. А гэта, магу ўпэўніць, шмат пра што гаворыць. Гатаваць вельмі проста – адварыць да мяккасці тапінамбур з морквай, бульбай і цыбуляй. Можна дадаць булён, а можна і ваду  - з дапамогай блэндэра ўзбіць гародніну ў пюрэ. Давесці да кіпення. Соль, спецыі – па густу. З такім супам вельмі смачна есць чыпсы з тапінамбуру (парэзаць яго вельмі тонка, смажыць у алеі да залацістай скарынкі).



далейCollapse )
Смачна вам есці! І жадаю вам добра правесці выхадныя (калі паедзеце смажыць шашлыкі – захапіце тапінамбур :)

ALOVAK magazine #1

Ну вось, нарэшце я магу паведаміць маім ЖЖ-фрэндам аб тым, чым жыла апошнія….. 7 месяцаў. Як я сказала адной маёй паважанай знаёмай: “Ні многа, ні мала, але стварала часопіс”.
Я ўжо даўно заўважыла, што ў маім жыцці самыя значныя падзеі адбываюцца …выпадкова. І гэта, здаецца,  неяк цалкам супярэчыць маёй пазіцыі аб тым, што поспех прыходзіць таму, хто да гэтага імкнецца, хто мае выразна акрэсленую мару, дакладныя мэты.  Але ж так гэта, ці не, але ўзгадаю самыя галоўныя (але не адзіныя) мае выпадковасці:
-          Пайшла вучыцца я на юрыдычны факультэт выпадкова. Я ніколі не марыла быць юрыстам, нікога з юрыдычнай адукацыяй у маёй сям’і няма.
-          Пазнаёмілася з мужам – амаль выпадкова. У сябра сяброўкі на дні нараджэння. А магла б і не пазнаёміцца. А ён мог бы і не прыйсці туды…

Так выйшла і на гэты раз. Неяк у размове сяброўка, Іра Бельская (murrrrrka),  кінула фразу (цытата) “ммм.. можно свой журнал издавать… ”. Можа быць, іншым часам я б прапусціла гэтыя словы міма вушэй, можа іншы чалавек увогуле не ўспрыняў гэта сур’ёзна. Але я загарэлася, загарэлася Іра... І пачала разгортвацца, як клубок нітак, гісторыя пад назвай “Часопіс ALOVAK”. Канцэпцыя, аналіз існуючых часопісаў, рубрыкі, сустрэчы, доўгія размовы і перапіска…. І вось,  31 снежня 2014 года мы рэгіструем сайт alovakmag.by і праца над першым нумарам стартуе.

alovakmag_1_bel-1.jpg

Што такое, увогуле, часопіс ALOVAK? Гэта online-часопіс пра творчасць і для творчых людзей. Гэта арыгінальныя аўтарскія матэрыялы пра творчасць, ручную працу, мастацтва і рамяство, размовы з таленавітымі людзьмі, майстар-класы і карысныя парады ад прафесіяналаў, пошукі натхнення, конкурсы, заданні, падарункі… 
ALOVAK будзе выходзіць 4 разы на год, кожны сезон, у двух версіях – на беларускай мове і на рускай. І мы будзем імкнуцца да друкаванай версіі, спадзяемся, што вы нас у гэтым падтрымаеце:)

далейCollapse )

Сябры, вось такая навіна. Буду рада пачуць вашы водгукі, пажаданні, пытанні, прапановы… Пасля таго, як мы выпусцілі першы нумар, мой арганізм вырашыў выказаць сваё меркаванне наконт маіх працоўных начэй і недасыпанняў і захварэў ( і Францішка заразіўL). Так што вашы словы для мяне будуць лепшымі лекамі!

Модны look гэтай вясной

Я пачала цікавіцца беларускім народным арнаментам і строем яшчэ гады тры таму назад, глядзела “у ваду”, што называецца – зараз гэта модны трэнд. Ну і цудоўна, я лічу! Чытала шмат артыкулаў, меркаванняў на гэту тэму: хтосьці радуецца, хтосьці лічыць, што на майтках і майках арнаменту не месца. Вышымайку я сабе, дарэчы, наўрад ці куплю, але ж таму, што не люблю быць “як усе”. Пра майткі я скромна прамаўчу.  Але ў цэлым, мне такая мода падабаецца. Трэба любіць сваё.
Калі б я была трошкі больш аператыўная, і пашыла б сабе строй яшчэ  ў 2012-м, то магла быць модным блогерам. Калісьці прачытала што такімі могуць называцца не тыя блогеры, што посцяць кожны дзень свае фотачкі-лукі, але тыя, хто прадбачыць модныя тэндэнцыі. Ну што ж рабіць, значыць не лёс J Каб вы ведалі, я за 3 гады ніяк не магу дашыць сваю кашулю (але паступова праца ўсё ж блізіцца да фінішнай прамой). А вось спадніцу вельмі хутка скончыла, калі вырашыла, што свой дзень нараджэння буду святкаваць у Вязынцы, падчас свята Гукання вясны. Фартух увогуле быў зроблены за адзін вечар (і прыйдзецца шыць новы).
Тададам, вось ён мой модны look’вясна 2015!



далейCollapse )

А, пакуль я тут дужа шмат працую начэй не сплю над адным цікавым праектам, дам спасылкі на мае ранейшыя допісы на тэму народнага строю і арнаменту:
http://kufarrr.livejournal.com/18584.html - падборка прыгожых здымкаў з кнігі Раманюка "Беларускае народнае адзенне";
http://kufarrr.livejournal.com/24531.html - мая торба па матывах народнага строю;
http://kufarrr.livejournal.com/40057.html - лялька Захвея ў беларускім народным строі;
http://kufarrr.livejournal.com/19726.html - арнамент у керамічных вырабах.